СЕ́РЫ ФТАРЫ́ДЫ,

неарганічныя бінарныя злучэнні серы з фторам. Найб. пашыраны серы гексафтарыд SF6 і тэтрафтарыд SF4. Вядомы таксама дытыядэкафтарыд S2F10 і дытыядыфтарыд S2F2, якія раскладаюцца пры награванні.

Серы гексафтарыд — бясколерны газ без паху, tпл -50,8 °C, пры т-ры -64 °C узганяецца. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Тэрмічна ўстойлівы да 700 °C. Хімічна інертны; не ўзаемадзейнічае з к-тамі і шчолачамі. Мае нізкую цеплаправоднасць, добры дыэлектрык. Выкарыстоўваюць як ізалятар, холадагент (тэхн. назва — элегаз) у трансфарматарах, высакавольтнай апаратуры, рабочае цела ў газавых хім. лазерах і інш. Серы тэтрафтарыд — бясколерны газ з рэзкім пахам, tпл -121 °C, tкіп -38 °C. Раствараецца ў бензоле; вадой і яе парай раскладаецца. Выкарыстоўваюць для селектыўнага фтарыравання кіслародзмяшчальных арган. злучэнняў, атрымання SF6. С.ф. таксічныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі; ГДК у атм. паветры для SF4 0,5 мг/м³, для SF6 0,001 мг/м³.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)